СУСВЕ́ТНЫЯ ЦЭ́НЫ.

цэны, якія дзейнічаюць на сусветным рынку, па якіх ажыццяўляюцца самыя буйныя экспартна-імпартныя здзелкі; сярэднія значэнні цэн на пэўныя тавары, устаноўлены ў розных краінах. Вылічаюцца ў свабодна канверсоўнай валюце з улікам базісных цэн, якія адлюстроўваюць дынаміку цэн на пэўны тавар, умоў транспарціроўкі і аб’ёму закупак гэтага тавару. Значна ўплываюць на ўнутр. цэны розных краін. У СССР мелі абмежаванае выкарыстанне ў сувязі з устанаўленнем дзярж. цэн на імпартныя тавары і забаронай абароту замежных валют. У постсав. краінах наглядаецца тэндэнцыя набліжэння цэн да С.ц. Гл. таксама Імпарт, Экспарт.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)